Пабудаваны ў 1330-я г. з бутавага каменю і цэглы ў г.Ліда Гродзенскай вобл. Уваходзіў у лінію супрацькрыжацкай абароны Навагрудак—Крэва—Меднікі—Трокі. Замак у плане меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка з 2 вуглавымі вежамі, быў пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку, абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка, з Пн — ровам шыр. каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад горада. Пазней (верагодна, у 16—17 ст.) у сістэму перадзамкавых умацаванняў з У уключана штучнае возера. На замкавым двары размяшчаліся правасл. царква (у 1533 перанесена ў горад), жылыя і гасп. пабудовы, з 1568 — суд, архіў, астрог. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў.
Л.з. зведаў шмат аблог. У 1384 пасля штурму яго ўзялі крыжакі і часткова разбурылі. У 1392 атрады ням. і англ. рыцараў і войскі іх саюзніка кн. Вітаўта аблажылі і ўзялі замак. У 1394 англ. і франц. рыцары зноў напалі на Ліду, але жыхары горада абаранілі замак. Не авалодалі Л.з. у 1406 атрады смаленскага кн. Юрыя Святаславіча, у 1433 войска кн. Свідрыгайлы, у 1506 загоны крымскіх татар. Улетку 1659 замак штурмам захапіла рус. войска І.А.Хаванскага. У час.Паўн. вайны 1700—21 замак разбураны ў 1702 і 1710 (паводле інш. звестак, і ў 1706) шведамі, якія ўзарвалі яго вежы. Апошняя бітва тут адбылася ў 1794 паміж паўстанцамі Т.Касцюшкі, што заселі ў руінах замка, і царскімі войскамі.
Археал. даследаванні Л.з. праводзілі М.А.Ткачоў (1970), А.А.Трусаў (1977—78, 1980, 1985), А.К.Краўцэвіч (1986—87). У 1920-я г. зроблена частковая, у 1982 — поўная кансервацыя Л.з. Вядуцца работы па рэстаўрацыі сцен і вежаў замка.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Краўцэвіч А, Трусаў А. Археалагічнае вывучэнне Лідскага замка і г. Ліды // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1992.
Лідскі замак. Акварэль Ю.Пешкі канца 18 ст.Лідскі замак. Сучасны выгляд.